Цэнтральная Беларусь

 

Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Цэнтральная Беларусь размешчаны ў цэнтры тэрыторыі рэспублікі паміж іншымі рэгіёнамі. Матэрыяльная культура і народнае дойлідства рэгіёна сінтэзуе ў сабе канструкцыйныя, планіровачныя і стылістычныя асаблівасці суседніх рэгіёнаў.

Найбольш характэрнай для Цэнтральнай Беларусі была вулічная (лінейная) забудова паселішчаў: аднарадная або двухрадная, з наяўнасцю развітога грамадска-культурнага цэнтра акругі, воласці, павета. Таму адпаведны экспазіцыйны сектар “Цэнтральная Беларусь” прадстаўлены сялом з характэрнай для гэтага тыпа паселішча планіроўкай: плошча з пабудовамі грамадска-культурнага цэнтра і вуліца з двухбаковай забудовай сядзіб.

Галоўны помнік на плошчы экспазіцыйнага сяла – Пакроўская царква XVIII ст. з в. Логнавічы Клецкага раёна. Вакол царквы – паркан з варотамі і веснічкай.

   

Побач з царквой помнік драўлянай архітэктуры першай паловы ХХ ст. школа з в. Калодчына Вілейскага раёна. Гэта тыповы прыклад сялянскай школы на пачатку ХХ стагоддзя. Далей гаспадарчая пабудова – грамадскі свіран з в. Калочына Глускага раёна. Па другі бок ад царквы, за жэрдкавай агароджай сяла, пры дарозе стаіць яшчэ адзін помнік – карчма з в. Хвоева Нясвіжскага раёна. У будучым на плошчы сяла будзе адноўлены будынак гарадской управы.

   

Па абодва бакі вуліцы экспазіцыйнага сяла, за рознага тыпа агароджамі размешчаны сядзібы. У склад першай з іх уваходзіць хата з в. Ісерна Слуцкага раёна, хлеў з в. Солан Старадарожскага раёна і гумно з в. Лучнікі Слуцкага раёна. Гэта тып аднараднай (лінейнай) забудовы.

   

У наступнай сядзібе хата і хлеў перавезены з в. Агароднікі Слуцкага раёна.

   

Далей хата з в. Садавічы Капыльскага раёна – пагонны двор, які ўяўляе сабой прыклад лінейнай (пагоннай) забудовы на канчатковым этапе свайго развіцця: шматлікія жылыя і гаспадарчыя памяшканні размешчаны ў адзін шэраг пад агульным двухсхільным дахам.

Па другі бок вуліцы сядзібы з в. Заброддзе Стаўбцоўскага раёна – прыклад двухраднай лінейнай забудовы: хата, хлеў, вялізнае гумно, насупраць хаты – клець, побач з ёй мяркуецца аднаўленне алейні.

Пры канцы сяла кузня з в. Клачкова Маладзечанскага раёна, а далей, на пагорку, каля лесу – ветраны млын з в. Даматканавічы Клецкага раёна.

З унікальных помнікаў сектара “Цэнтральная Беларусь” на стадыі рэстаўрацыі капліца з в. Каралеўцы Вілейскага раёна.

   

У помніках адноўлены традыцыйныя інтэр'еры, створаны разнастайныя выставы з экспанатаў фондавых калекцый музея.

 Галерэя