|
Гiсторыя музея
Тэрыторыя Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту размешчана ў прыгараднай зоне г.Мінска, за 2 км на поўнач ад аўтамагістралі Мінск-Брэст. Плошча тэрыторыі складае 220 гектараў, з іх кавалак плошчай 80 га ў пойме р. Пціч з'яўляецца зонай ахоўваемага ландшафту. Экспазіцыйная структура музея складаецца з 6 архітэктурна-этнаграфічных сектараў, якія адпавядаюць гісторыка-этнаграфічным рэгіёнам рэспублікі: Паазер'е (Поўнач Беларусі), Падняпроўе (басейн Дняпра і Сожа), Цэнтральны рэгіён, Усходняе і Заходняе Палессе, Панямонне (басейн Нёмана). |
 |
Усе помнікі драўлянай архітэктуры аб'яднаныя ў комплексы, яны адлюстроўваюць традыцыйны дадзенаму этнаграфічнаму рэгіёну тып пасялення, сядзібы, і г.д. Абавязковай умовай размяшчэння сектара з'яўляецца адлюстраванне прыродна-геаграфічных умоў рэгіёна. Так, Паазер'е размесціцца на пераходзе схілу ў лагчыне сцёку з перасечаным рэльефам, сектар Палесся – на надпойменных схілах і ў пойме р.Пціч. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы аб'яднаныя ў двары, фрагменты пасяленняў з паслядоўным адлюстраваннем змянення форм землекарыстання і гаспадаркі. |
Акрамя рэгіянальных плануецца стварэнне і асобных агульных тэм экспазіцыі: прыстані і рачной гаспадаркі, лясных промыслаў, унікальных помнікаў: цэркваў, млыноў, вытворчых пабудоў. |
 |
|
Каштоўным археалагічным помнікам з'яўляецца гарадзішча на Менцы. Яно даследавалася на працягу многіх гадоў археолагамі і гісторыкамі. Яго гісторыя пачынаецца да нашай эры, а па звестках некаторых аўтараў на гэтым месцы зарадзіўся горад Мінск.
Важным гістарычным аб'ектам з'яўляецца вёска Строчыца, згадка якой сустракаецца ў дакументах ХVI стагоддзя. Вёска размяшчалася ля старога пасольскага шляху. На ўзвышаным беразе Пцічы захаваліся рэшткі фальварку з панскім садам, яшчэ можна заўважыць сляды брукаванай вуліцы, захаваўся шэраг дамоў пачатку XX стагоддзя, якія маюць традыцыйнае разное ўбранства, фрагменты агароджаў і малых форм.
|
Раннімі помнікамі гісторыі краю з'яўляюцца курганныя могільнікі, якія сведчаць пра тое, што дадзеная тэрыторыя была заселена са старажытных часоў. Курганы адносяцца да перыяду IX-XI стагоддзяў і размешчаны невялікімі групамі.
Такім чынам, тэрыторыя займае значна большую плошчу, чым тэрыторыя Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту. Агульная плошча зямель гісторыка-культурнага значэння складае 387 га. |
 |
Пастанова Ураду Рэспублікі аб стварэнні Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту была прынятая 9 снежня 1976 года (№ 347). Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук под кіраўніцтвам членаў-карэспандэнтаў НАН В.Бандарчыка і С.Марцелева разам з Працоўнай групай
Міністэрства культуры
былі распрацаваны навуковыя прынцыпы і абгрунтаванне будучага музея.
|
Музейны комплекс павінен уключыць больш 250 помнікаў і 50 тыс. экспанатаў, заняць тэрыторыю 220 га. Апрача экспазіцыйнай зоны комплекс павінен уключаць вытворча-гаспадарчую зону, аб'екты інжынернага забеспячэння, унутрымузейныя дарогі, аб'екты добраўпарадкавання. |
 |
У 1987 годзе быў адкрыты для наведвання адрэстаўраваны НВА «Белрэстаўрацыя» экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». На сённяшні дзень фрагментарна таксама створаны сектары «Паазер'е», «Падняпроўе». У экспазіцыі і ў стадыі рэстаўрацыі знаходзіцца звыш 40 помнікаў. На адведзенай тэрыторыі рэалізуецца праект азелянення, распрацаваны ў 1990 годзе Беларускім тэхналагічным інстытутам.
|
 |
|
|